Шчасце гэта ліса

Название курса: 

Інтэрактыўнае чытанне ў цемры:

Казка "Шчасце - гэта ліса" Эвэліны Дацютэ

Працягласць: 45-60 хвілін.

Узрост: 6+.

 

Наша даўняя мара - інтэрактыўныя чытанні ў цемры. Яна спраўдзілася дзякуючы камандзе "Нябачны свет", якая не толькі зрабіла сцэнарый і правяла тэставыя чытанні, але і прадаставіла ўсе матэрыялы, каб імі маглі карыстацца ўсе ахвочыя.

 

Дзякуем усёй камандзе і  Алене Ветравай.

 

Калі вы з Мінска -  раім Вам  наведаць "Нябачны свет". Там чытанні праходзяць у поўнай цемры - зрабіць якую павязкай на вочы  проста немагчыма. Ну і вядома, каб праводзіць інклюзіўныя чытанні, варта паспытаць усё на сабе. Нам сталіся куды больш зразумелымі многія моманты.

 

 

2adc801d-a88c-49f5-8def-0afb4505deec.jpg

 

Для тых, у каго такой магчымасці няма, а жаданне ёсць, апішам як мага падрабязна ход мерапрыемства і свае адчуванні. Мы размяшчаем сцэнар на беларускай ў аматарскім перакладзе. 

 

(Госці ўваходзяць у залу з дапамогаю фасілітатараў (3-4 чалавекі, паклаўшы руку на плячо чалавека перад ім) і рассаджваюцца на падушкі на падлозе). (Здабыць сабе падушку ў цемры - пачатак прыгоды) 

 

img_20220401_093624.jpg

 

Вядоўца: 

"Сябры, добры дзень! Мае імя …. Я правяду для вас чытанні ў цемры, якія распрацавалі спецыялісты з "Нябачнага свету". 

 

Я сёння прачытаю для вас казку "Шчасце - гэта ліса". А для таго, каб чытанне было цікавым, я падзялю яе на часткі, у перапынках паміж якімі мы выканаем заданні, якія дапамогуць глыбей пагрузіцца ў твор, сканцэнтравацца і атрымаць асалоду ад нашай сустрэчы.

 

Вы гатовыя слухаць? Тады пачынаем!"

 

675ff9f8-2139-48d0-87e0-8de129c77fba.jpg

 

(Чытанне ўрыўкаў адбываецца пад трэк 01 (Фон для чытання тэксту). Мы проста ставім на паўзу, калі перарываемся на заданні.)

 

Першы ўрывак:

 


Жыл-быў хлопчык, і звалі яго Повілас. 

 

Не, не так. Наша гісторыя пачынаецца трошкі інакш... 

 

У адным вялікім горадзе быў цудоўны парк. На ўскрайку парку расло велізарнае дрэва, якое памятала даўнія-прадаўнія часы.

 

Дрэва гэтае было асаблівым: мала таго, што яно здавён-даўна расло на зямлі, на ім яшчэ жыла сям’я – тата, мама і дзіця з імем Повілас. Звычайна людзі жывуць у дамах або кватэрах, але гэтая сям’я была крыху іншай – яна жыла ў дамку на дрэве.

 

Тата штораніцы залазіў па лесвічцы на вершаліну дрэва, дзе была ўладкаваная невялікая пляцоўка. Там стаяў яго аранжавы верталёт. Тата сядаў у яго і з бзыканнем знікаў.

Праца ў яго была такая – усюды лётаць і перавозіць з месца на месца людзей і рэчы.

 

Мама заставалася дома і ляпіла з гліны ўсялякі посуд, рабіла вазы і збаны. Найчасцей – аранжавыя.

 

Калі іх набіралася столькі, што ў доме не было ўжо дзе ані стаць, ані легчы, тата грузіў усё злепленае ў верталёт і адвозіў у гарадскія крамы.

Кожны дзень па абедзе мама прасіла Повіласа збегаць у пякарню па свежыя булачкі. “Калі тата вернецца з працы, сядзем усе разам піць духмяную гарбату з булачкамі, якія растаюць у роце”, – летуценна казала яна і ўручала Повіласу грошы і крамны мяшэчак.


 

693b41b9-59be-466e-9dc9-8ce57bba9a8b.jpg

 

Заданне 1: прагулка Павіласа

 

Вядоўца: 

"Сябры, тут мы зробім паўзу. У мяне першае заданне: папрашу вас зараз падняцца і ўявіць, што вы - Повілас і ідзеце у пякарню за булачкамі. Пераступайце з нагі на нагу, як быццам крочыце. Вы пачуеце гукавое суправаджэнне, паспрабуйце ўявіць, што сустракаецца вам на шляху. 

Ну што, Павілас, схадзі ў пякарню!"

 

(Уключаецца гукавы шэраг. У шпацыру асобны трэк - 02.Паход у булачную)

 

Вядоўца: 

"Сядайце, дарагія сябры, і падзяліцеся, што вам сустрэлася, што бачылі і што чулі? … (абмеркаванне)

 

Выдатна, а хацелі б вы пачуць, што адбывалася з хлопчыкам падчас прагулянкі ў пякарню? ... Цяпер мы з вамі даведаемся падрабязней аб прагулянцы Повіласа, спраўдзіце свае здагадкі!"

 

(адміністратар уключае той жа гукавы шэраг, вядоўца чытае. Патрабуе папярэдняй трэніроўкі - каб словы супадалі са гукамі! Трэк, каб трэніравацца - 03. Прагулка з тэкстам. У нас атрымалася з шостага разу.)

 

img_20220401_100745.jpg

 

Другі ўрывак: 


У пякарню Повілас ішоў кароткай дарогай, а вяртаўся – доўгай, таму што ісці назад тым жа шляхам зусім не цікава. Крочачы наперад, хлопчык сустракаў адну або дзвюх мам з люлькамі, бегуноў-марафонцаў, раварыстаў, сабак на ланцужках і дзяцей на роліках або дошках.

 

Як выйдзеш з парку, да пякарні можна з заплюшчанымі вачамі дайсці. Повілас часам гэтак і рабіў. Зажмурваўся і ішоў на водар. На жаль, часам ён спатыкаўся на бруку ходніка, або нага ў выбоіне захрасала. Ці натыкаўся на мінакоў, а тым вельмі не падабалася, калі ў іх хто-небудзь уразаўся.

 

У пякарні Повілас аддаваў грошы Маргарыце, ад якой так смачна пахла, і прасіў даць яму тры булачкі – на ўсю сям’ю, кожнаму па адной. Маргарыта складала іх у папяровы пакет, і Повілас ішоў дахаты доўгай дарогай.

 

Ідучы гэтай дарогай, хлопчык ніколі не заплюшчваў вочы, каб не празяпіць таго, праз што ён яе і абіраў: каменьчыкаў дзіўнай формы і колеру, мудрагеліста выгнутых галінак, збеглых з заапарку птушак і ручаінак, якія раптам прабіваліся з-пад зямлі.

 

Але больш за ўсё на гэтым шляху Повіласу падабаліся старыя арэлі. Не тое каб ён сам надта любіў гушкацца, але на іх любіла гушкацца ліса. Яна там бывала не кожны дзень, але раз на тыдзень – абавязкова.


 

Вядоўца: 

"Як вашыя ўражанні? Што вас здзівіла ў прагулянцы хлопчыка? А вы любіце гушкацца на арэлях? А заўважаеце, што адбываецца навокал? Ці вы заўсёды ў сабе?

 

Вось вам хатняе заданне. Як пойдзеце ў наступны раз сваёй звыклай дарогай, глядзіце вакол уважліва, як быццам першы раз. І праверце, ці заўважыце вы нешта новае!

 

Ну, што, чытаем далей?"

 

 

4811e553-3096-49cd-8437-f1e9362f19ac.jpg

 

Трэці ўрывак (зноў трэк 01):


 

Убачыўшы лісу ўпершыню, Повілас вачам сваім не паверыў: на арэлях угару-ўніз лётала аранжавая ліса. А яна, калі ўбачыла Повіласа, пагушкалася яшчэ трошкі, потым спынілася, прынюхалася і, пільна гледзячы хлопчыку ў вочы, сказала:

– Шчодрасць – гэта акіян... Хочаш быць часткай акіяну?

 

Повілас не зразумеў надта, пра што яна кажа, але кіўнуў.

 

– Тады пачастуй мяне булачкай, калі ласка.

 

Дзяліцца хлопчыку не хацелася – булачак было тры, і едакоў таксама тры. Аднак, трохі падумаўшы, ён працягнуў булачку лісе. І пасля гэтага, сустракаючыся з ёй, заўсёды аддаваў адну. Чуючы, куды знікла трэцяя булачка, бацькі спачатку недаверліва круцілі галавой, а потым кожны ламаў сваю булачку і аддаваў палову Повіласу.

 

– Сябраваць з лісой – усё адно што гойдацца на арэлях, – жуючы булачку, казаў бацькам Повілас. – Адзін дзень добра, другі – можа, і не так ужо добра.

 

Часам ліса была зусім не ў гуморы.

– Ні грама настрою ў мяне няма, – паведамляла яна. – Ці, як кажа мая мама, хітрая ліса: “Настрой ніжэй за нуль”. А калі ніжэй за нуль, то мерзнеш, а не грэешся.

 

Ліса расказвала шмат дзіўных гісторый. Казала, што чула іх ад сваёй бабулі, мудрай лісы. Некаторых гісторый Повілас не разумеў.

 

– Ты хочаш сказаць, што я незразумела расказваю? – злосна запытвала ліса. – Гэта ты незразумела разумееш.

 

Повілас таксама расказваў лісе свае гісторыі і часта прасіў парады.

– Мой дзед, мудры ліс, казаў, што ўсё залежыць ад таго, адкуль паглядзіш: зверху або знізу, злева або справа, – хітрыла ліса. – Запытай мяне яшчэ раз, калі з усіх бакоў агледзіш усё, што адбылося.

 

Аднак часцей за ўсё яна казала:

– Каб усё стала ясна, амаль ва ўсіх выпадках хопіць добранька пагушкацца.

 

Калі ў лісы быў добры настрой, яна паўтарала, што колер шчасця – аранжавы.

– Шчасце – гэта ліса і круглы аранжавы апельсін! – узнімаючыся на арэлях угару, крычала яна. – А яшчэ – маркоўны пірог, залатая рыбка, гарбузовае сочыва, восеньская рабіна!

– А зараз ты, – прапанавала яна хлопчыку.

 

– Шчасце – гэта матулін посуд і татавы верталёт! – лётаючы на арэлях, выкрыкваў Повілас. – А яшчэ – баскетбольны мяч і котка Маргарыты. І, само сабою, шчасце – гэта ліса!


 

41088bde-25a1-4bfe-9497-d36ec775a7f3.jpg

Заданне  2: 

Арыгінальнае заданне складана паўтарыць у звычайных умовах. Мы прапануем удзельнікам адгадваць пахі.

 

Агучваем умову - у бутэльках пахі  аранжавага і ўмоўна-аранжавага, альбо таго, што згадвалася ў кнізе.

 

Пахі - гэта алей. Папярэджваем, што будзем дакранацца кожнаму да пляча, і падносіць да носа бутэлечку.

 

Пахі, якія адгадваюцца лёгка - мандарын, цынамон, апельсін, ваніль. Больш складана - ігліца, азон (шчодрасць гэта акіян), манга.

 

3d86c109-5a8e-448f-8fda-0e9f1ebee069.jpg9f4c5004-9a1b-4d65-9eca-61ac967653f3.jpg

 

Чацверты ўрывак (працягваецца трэк 01): 


– Ты заўсёды-заўсёды будзеш? – аднойчы, удосталь нагушкаўшыся, запытаў Повілас.

 

– Наўрад ці, – адказала ліса. – Як адчую, што мушу быць у іншым месцы, пайду туды.

 

– А як жа я? – засмуціўся хлопчык.

 

Ліса трохі падумала.

– Можа, нейкі час ты будзеш хадзіць гэтай дарогай, спадзяваючыся сустрэць мяне. Потым перастанеш тут хадзіць, каб не бачыць гэтага месца і гэтых арэляў. А потым з’явіцца хто-небудзь, хто мяне заменіць.

 

Пасля гэтай размовы ўсё стала не так, як да яе. Повілас з засцярогай зварочваў на доўгі шлях. Калі лісы не было – палохаўся, што яе больш ніколі не будзе. А калі была – цешыўся мацней, чым звычайна.

 

Аднойчы тата вярнуўся з працы асабліва вясёлым, расцалаваў маму, падкінуў угару Повіласа і расказаў, што хутка яны пераедуць у іншы горад, большы, будуць жыць на іншым дрэве, вышэйшым, якое расце ў найбуйнейшым парку, а ён будзе лётаць на яшчэ больш магутным верталёце.

– Усё будзе яшчэ лепш! – сказаў тата.

– А можа, нам і цяпер добра, лепш не трэба? – спытаў Повілас, таму што зусім не хацеў нікуды перабірацца. – Добрага ніколі не бывае занадта шмат.

– Заўсёды можа быць яшчэ лепш, – як сякерай адсек тата.

 

Пры наступнай сустрэчы Повілас паведаміў лісе навіну.

– Вось як выходзіць: ты сам знікаеш. А я застаюся, – сказала ліса.

– Але я не сам знікаю, мяне вязуць, гэта не адно і тое ж, – мармытнуў Повілас. – Я не хачу нікуды ехаць. Я хачу быць тут. Ты мая найлепшая сяброўка.

– Мой тата-ліс, які шмат зазнаў, казаў, што добрыя рэчы часам заўважаеш праз пэўны час, нават калі спачатку яны здаюцца не такімі ўжо добрымі, – супакоіла хлопчыка ліса.

– Ну, як начынка ў булачцы: яе знаходзіш не адразу, трэба некалькі разоў адкусіць – і ад гэтага булачка робіцца яшчэ смачнейшай.

 

На наступным тыдні сям’я Повіласа на магутным верталёце паляцела ў большы горад, і ў большы парк, і на вышэйшае дрэва. Дні беглі, але хлопчыку рабілася не яшчэ лепш, а яшчэ горш.

– Дзе тваё абяцанае “яшчэ лепш”? – аднойчы спытаў ён злосна ў таты.

– Можа, занадта мала часу мінула для таго, каб стала яшчэ лепш? – выручыла тату мама. – Можа, трэба яшчэ крыху пачакаць?

– Толькі цярплівым – неба, зоркі і верталёт, – падхапіў тата.

 

Повілас, як і раней, штодня хадзіў у пякарню. Пякарня была больш даўняй, а булачкі прапаноўвалі цэлых дзве прадавачкі: Амелія, маладзейшая, і Ружа, старэйшая. І тая, і другая складвалі булачкі ў папяровы мяшок, і Повілас плёўся да дамку на дрэве тым жа шляхам, якім прыйшоў.


 

img_20220401_103351.jpg

 

Заданне 3:

 

Тут мы прапануем зняць маскі - знаходзіцца ў масках столькі часу складана. І прайсці тэст на ўвагу і ўяўленне.

 

Вядоўца:

"Сябры, а вы ўважліва мяне слухаеце ці ўжо палова з вас заснула пад чытанне і спевы птушак у цемры?

 

Я вам задам пару пытанняў, каб праверыць вашу ўвагу! Я буду зачытваць фразы з тэксту, а вы адкажаце, хто з герояў іх вымавіў, гатовыя?

 

1. – А ты заўсёды-заўсёды будзеш? (Повілас)

2. – Як адчую, што трэба быць у іншым месцы, пайду туды (ліса)

3. – Калі тата вернецца з працы, сядзем усе разам піць духмяную гарбату з булачкамі, якія растаюць у роце (мама)

4. – Сябраваць з лісой усё роўна, што гушкацца на арэлях (Повілас)

5. - Заўсёды можа быць яшчэ лепш! (тата)

 

Занадта лёгка! Давайце ўскладнім. Я пачынаю фразу з тэксту, а вы яе заканчваеце так, як вам падабаецца, але не так, як у тэксце! Паехалі!

 

1. Шчодрасць - гэта … .

2. Толькі цярплівым… .

3. Настрой – ніжэй за 0, а ніжэй за нуль …

4. Каб усё стала зразумела, амаль ва ўсіх выпадках дастаткова…

 

У вас выдатна атрымалася! Нам засталося прачытаць апошнюю частку казкі. Вы гатовыя? Тады зноў давайце надзенем павязкі."

 

img_20220401_103432.jpg

 

Чытанне пятага, апошняга ўрыўка (працягваецца трэк 01):


Аднойчы Повілас, ідучы дадому з пякарні, заўважыў сцяжынку, якая круцілася па лесе і якой ён раней не бачыў.

 

Хлопчык з цікаўнасці збочыў з добра знаёмай дарогі і пабег па гэтай сцяжынцы. На шляху яму раз-пораз трапляліся каменьчыкі дзіўнай формы і колеру, мудрагеліста выгнутыя галінкі, збеглыя з заапарку птушкі і ручайкі, якія раптам прабіваліся з-пад зямлі.

 

Повілас падскокам – так яго падганяла цікаўнасць – збег па сцяжынцы і раптам убачыў удалечыні арэлі. Яны лёталі ўгару і ўніз, а на іх гушкалася задаволеная аранжавая ліса.

 

– Ліса! – загаласіў хлопчык. – А ты адкуль тут узялася?

 

– Я ж табе казала, – адгукнулася ліса. – Як адчую, што мушу быць у іншым месцы, пайду туды. – Хочаш пагушкацца?

 

– Хачу! – крыкнуў Повілас. – Я так засумаваў, так даўно не гушкаўся і не крычаў, што шчасце – гэта ліса…

– … і круглы аранжавы апельсін…

– … татаў верталёт і матулін посуд…

– … залатая рыбка, гарбузовае сочыва, восеньская рабіна…

– … баскетбольны мяч, Розін хамяк… – і, само сабою, шчасце – гэта ліса!


Апошняе заданне

Напрыканцы можна выбраць адно з заданняў.

 

1. Праверыць інтуіцыю.

 

Вядоўца:

 

… Прапаную нам з вамі выканаць адно заданне на праверку і развіццё інтуіцыі.

 

Перад вамі на сталах - скрынкі. Унутры іх прадметы. Пазнаёмцеся з імі і паспрабуйце адгадаць, якога ж яны колера. У вас на абмеркаванне 5 хвілін.

 

Што было ў вас, сябры? А якога колеру, раскажыце, калі ласка. …

 

Дзякуй за адказы! Цяпер у мяне для вас навіна! - Усе прадметы ў скрынках - аранжавыя!

Варыянты прадметаў: мандарын, жыраф, морква, пластылін, свечка, гарбузы, аловак, лак для пазногцяў, прышчэпка, губка для мыцця посуду і гд.

 

2. Зрабіць кавалачак шчасця

 

Вядоўца: 

"Перад тым, як развітацца, прапаную нам з вамі ўключыць фантазію і змайстраваць кавалачак шчасця, а дакладней мы зараз зробім  сваімі рукамі галаву лісы.

 

У кожнага з вас па квадраце паперы, сагніце яго па дыяганалі. Прамым кутом пакладзіце да сябе, гэта - носік лісы. Як зрабіць вушкі: загінаем левы кут да цэнтра так, каб атрымалася лісінае вушка, а зараз правы кут. Пераварочваем атрыманую дэталь.

 

(неяк так, толькі патрэніруйцеся тлумачыць загадзя - калі бачыш, і калі паўтараеш на гук - зусім іншае, як выявілася!)

 

Кожнаму з вас уручаем па алоўку/асадцы. Давайце намалюем лісе пыску: прамалюем навобмацак вушкі, вочкі, нос, можам дадаць складачкі і вяснушкі на шчочках.

 

Завяршэнне

 

Пасля мерапрыемства мы разглядалі кнігу і абмяркоўвалі, ці так усё сабе ўяўлялі (спойлер - не!). Памацалі тэкст у брайле, абмеркавалі ліс.

 
 

сачыць за новымі ідэямі для кнігасустрэч спадручна ў telegram  / следить за свежими идеями для книговстреч удобно в telegram