Ідзі пагуляй з тым хлопчыкам!

Ідзі пагуляй з тым  хлопчыкам!

 

Ну каму з нас бацькі не гавораць - ідзі пагуляй вось з тым дзіцем. Самі б пайшлі пагулялі вось з тым дарослым!

Адзінае, што ратуе - дзіцячая фантазія, якая здольная з чаго заўгодна зрабіць прыгоды. 

 

На фестывале SPRAVA  мы так сама паспрабавалі зрабіць з кнігі пастаронкавую прыгоду - "кнігу на дрэвах".

Раздрукавалі кожную старонку кнігі асобна, напісалі першы ліст з умовамі: 

 

Запрашаем у падарожжа па матывах гісторыі Клемэнтын Бавэ і Мэйзі Пэрадайз Шырынг

Ідзі пагуляй з тым хлопчыкам

 

Каб прачытаць гістрыю, трэба прайсці ўсю сцежку!

Уважліва сачыце за нумарамі старонак! Іх 12! 

 

На рускай мове кніга выходзіла ў выдавецтве «Самакат»,

для фэсту на беларускую мову пераклала Наста Калач.

 

Што трэба:

  • кніжка

  • раздрукаваць кожны разварот, пранумераваць іх

  • мы дапоўнілі раздукоўку перакладам тэкста на беларускую мову

  • дрэвы (або не дрэвы)

  • сістэма  крэпяжу (наша была няўдалая)

 

1. Фармат працоўны, гісторыю выбралі добра - для такіх фарматаў  патрэбны гісторыі з дынамічным, можна нават крыху абсурдным сюжэтам. Дзеці з мамамі з задавальненнем збіралі гісторыю "па нумарах", бегаючы сярод дрэў на кніжнай палянцы. Вешаць варта на ўзровень вачэй дзіцяці. Пераклад на беларускую мову зайшоў добра!

 

2. Над афармленнем варта працаваць - думаем, што гэта можа быць, каб шматразовае. Файлы і вяроўка, каб прывязаць да дрэва - не варыянт. Трэба рабіць ці цвёрдую падставу, альбо раздрукоўваць лісты на пенакардоне. 

 

461567f5-4abf-4d0d-b49d-ed8945fd2d27.jpg

 

Пераклад  прыводзім ніжэй (і адзначаем, што ен выключна для некамерцыйных мэтаў)

 

Цётцы Б. і цётцы М., якія заўжды хацелі,

каб я пагуляла з тым хлопчыкам. К. Б.

 

Маленькаму Наа. Спадзяюся, тваё жыццё

будзе напоўненае не менш захапляльнымі

прыгодамі, чымся ў гэтай кнізе! М. П. Ш.

 

Літаратурна-мастацкае выданне

 

idipoigray.jpg

 

Клемэнтын Бавэ і Мэйзі Пэрадайз Шырынг

 

Ідзі пагуляй з тым хлопчыкам

 

i2.jpg

 

Пераклад з французскай мовы Соні Штэрн

Карэктарка Надзея Уласенка

Шыхтаванне Юлі Сідневай

Мастацкая рэдактарка Поля Плавінская

Вядучая рэдактарка Кацярына Шаргіна

Галоўная рэдактарка Ірына Балахонава

 

[для дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту]

 

Russian Translation rights arranged through

La Petite Agence, Paris, and Livia Stoia Literary Agency

 

 i3.jpg

 

Сяджу сабе гуляюся,

нікога не чапаю,

і тут мама кліча мяне

са сваёй лаўкі.

«Ідзі пагуляй

з тым хлопчыкам. Вунь з тым,

які з рыдлёвачкай.

Ну, падыдзі ж да яго,

а то ён там зусім адзін».

І гэтак шторазу.

 

Я ненавіджу, НЕНАВІДЖУ падыходзіць

да хлопчыкаў з рыдлёвачкамі

і знаёміцца.

 

Я ж не кажу ёй:

«Ідзі пагуляй з той цётачкай!

А то яна з сваімі галубамі зусім

засумавала. Да таго ж яна падаецца мілай».

Не думаю, што мама пайшла б знаёміцца

з нейкай незразумелай цётачкай.

 

Тым больш яна сама мне ўвесь час

паўтарае, што небяспечна размаўляць

з незнаёмцамі. Але калі гэты незнаёмец –

маленькі хлопчык – шась! – і ён ужо не небяспечны.

«Ідзі пагуляй з тым хлопчыкам!»

 

i4.jpg

 

А калі гэты хлопчык...

 

...насамрэч ніякі не хлопчык?

А што, калі гэта монстр у целе хлопчыка?

 

 

Што, калі хлопчык (а насамрэч пачвара ў целе хлопчыка)

зацягне мяне пад зямлю (ён лоўка замаскаваў дзірку ў пясочніцы)

і там будуць іншыя палонныя? Ім мамы таксама казалі:

«Ідзі пагуляй з тым хлопчыкам».

 

i5.jpg

 

Тады ўжо мама занепакоіцца,

калі я знікну ў пясочніцы

і на ўсе вякі згіну

ў бяскрайнім падземным

царстве жахлівага

монстра...

 

...разам з іншымі дзецьмі, якіх

ён таксама скраў і змусіў даглядаць

ягоных свойскіх кратоў, выціраць пыл

і гатаваць яму на вячэру печанае карэнне

і смажаніну з дзетак.

 

i6.jpg

 

Але са мною гэты нумар не пройдзе. Я прыдумаю шыфр,

якога монстр не зможа

разгадаць, і пакіну

на сцяне паведамленне для

астатніх дзяцей:

 

«Сёння мы збяжым адсюль. Сустракаемся

апоўначы побач з мурашнікам».

 

І апоўначы мы ўсе збяромся

са сваімі рыдлёвачкамі.

 

Эдзі ды Лёля, самыя моцныя з нас, пойдуць першымі,

і вырыюць праход – гэтакі шырокі, што і мядзведзь

пралез бы, – а мы рушым следам, расчышчаючы шлях.

Але калі да мэты застанецца зусім крыху, пачвара

прачнецца, зарыкае, і...

 

...і мы паднаціснем, каб выбрацца

навонкі жывымі і здаровымі!

 

Нарэшце мы апынемся на свабодзе,

пачвара з ровам будзе бегчы за намі:

 

ХХРРРРРАўААўААААА

 

і тут выявіцца, што мы пралічыліся

з маршрутам. Хацелі вылезці блізу арэляў –

апынуліся ж у вальеры чорнай пантэры, а тая

начамі, як назнарок, есць не ў свой дух.

 

Вось цяпер мы сапраўды

ў небяспецы. Але, на нашае шчасце, мяса

падземных монстраў пантэра любіць

ЯШЧЭ БОЛЬШ, чымся чалавечае.

 

i7.jpg

 

Таму яна схавае нас у куце вальера,

а самая, раскрыўшы пашчу, будзе чакаць проста каля выйсця.

Ад страху мы заплюшчым вочы, але ўсё адно будзем

ціхенька падглядаць.

 

А потым, перастраўляючы вячэру, пантэра да пятае гадзіны на світанні будзе распавядаць нам гісторыі з джунгляў.

Несправядліва, што яе зачынілі ў гэтай клетцы, падумаем мы.

Нельга так абыходзіцца з жывёлінамі!

 

Таму мы пералезем цераз плот,

дапамагаючы адно аднаму, і на першым жа

цягніку адправадзім яе ў родныя мясціны.

 

Пасля гэтага мы выправімся блукаць

вуліцамі, якія спяць. З’ямо па гарачым круасане.

Залезем на дах і, гладзячы катоў, пакуль тыя пазяхаюць,

будзем глядзець, як над горадам уздымаецца сонца.

 

Нарэшце, мы разыдземся па дамох, і бацькі выдыхнуць з палёгкаю.

Мы скажам, што вельмі стаміліся і не ў змозе ісці ў садок.

 

А яны, каб абязвініцца –

бо гэта ж праз іх

нас скралі з пясочніцы! –

дазволяць нам застацца дома

і цэлы дзень есці пірожныя.

 

А галоўнае, яны больш ніколі не скажуць

нам: «Ідзі пагуляй з тым хлопчыкам!»

Гэта будзе ім добраю навукай,

і мы НАРЭШЦЕ зможам спакойна

гуляцца самыя з сабой, акурат як цяпер.

 

І мы САМЫЯ знойдзем сабе

новых сяброў, калі захочам,

а не калі гэтак скажуць бацькі.

Бо яны не разумеюць,

што часам нам хочацца

пагуляцца НА САМОЦЕ.

 

i8.jpg

 

сачыць за новымі ідэямі для кнігасустрэч спадручна ў telegram  / следить за свежими идеями для книговстреч удобно в telegram